Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт
імя А.А. Куляшова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Русская версия

У Магілёве знойдзена месца пахавання магната Валовіча

На пліце, знойдзенай на Успенскіх могілках горада Магілёва, сапраўды адлюстраваны герб магнатаў Валовічаў, такое заключэнне даў мінскі эксперт, кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара геральдыкі і нумізматыкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Шаланда. Адпаведны ліст з просьбаю правесці экспертызу пліты быў дасланы ў Мінск па ініцыятыве Магілёўскага гарвыканкама.

З экспертызы, праведзенай у Інстытуце гісторыі, вынікае, што пліта, якая зараз знаходзіцца на Успенскіх могілках, мае складаную геральдычную кампазіцыю. Цытуем дасланы з Мінска дакумент: “Кампазіцыя выглядае так: тарча падзелена на чатыры часткі, дзе ў 1-й два наканечнікі стрэлаў у слуп – адзін вастрыём уверх, другі – уніз (“Багорыя”), у 2-й – тры усечаныя з бакоў урубы адзін над другім, якія памяншаюцца зверху ўніз (“Корчак”), у 3-й – такія самыя тры ўрубы, у 4-й – падвойная лілія (“Газдава”), над тырчай закратаваны шлем, на ім – шляхецкая карона, у кляйноце – тры перы стравуса, па баках тырчы – намёт з лісця”.

“Гэта так званы складаны герб Валовічаў, які ўпершыню фіксуецца на гербавых пячатках і геральдычнай гравюры канцлера ВКЛ Астафія Багданавіча Валовіча ў 1569, 1573 і 1585 г., – робіць выснову эксперт, працягваючы: – Аналагічны складаны герб быў змешчаны і на пячатцы яго роднага брата Грыгорыя Багданавіча Валовіча. Аднак ні да першага, ні да другога згаданая пліта не магла належыць, бо захаваныя на яе верхнім краі ініцыялы лацініцай AHW не супадаюць з ініцыяламі згаданых асоб”.

Аляксей Шаланда таксама дадае: “Паводле ўласнага тэстаменту, Валовіч павінен быў быць пахаваны ў адным са сваіх маёнткаў, дзе існаваў пратэстанцкі збор – верагодна ў Сідры Гарадзенскага павета (зараз – тэрыторыя Польшчы)”. Гісторык датуе пліту канцом 16-га – першай паловай 17 стагоддзя. Сыходзячы з гэтага, робіць яшчэ больш нечаканую выснову: “Пліту можна звязаць з Аляксандрам Рыгоравічам Валовічам, вількамірскім падсудкам. Праўда, звесткі пра яго абмежаваныя. Вядома толькі, што ён не пакінуў нашчадкаў. Магчыма ён або быў пахаваны ў Магілёве, або спрыяў пабудове нейкага (мо Успенскага?) храма.

У сувязі з гэтым функцыянальнае прызначэнне пліты магло быць розным – яна магла быць і пахавальнай, і фундатарскай. Аднак гэта патрабуе дадатковага даследавання. У любым выпадку, піша мінскі гісторык, “пліта мае вялікую гістарычныую і мастацкую каштоўнасць як рэдкі помнік беларускай культуры канца 16 – першай паловы 17 ст.”.

 

Беларускае Падняпроўе

Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай,
Ніводнай зоркі з неба не схапіў,
І, па жаданню прымаўкі народнай,
Ні разу іх каханню не дарыў
А. Куляшоў
Кафедра журналістыкі
Напісаць ліст